Гомель
+30°C

Гомельшчына хобітаўская, альбо вечная праблема пошуку турыстычнага брэнду

У сусьветным турыстычным дыскурсе мы прысутнічаем хіба як буфэрная дзяржава паміж Эўразьвязам і Расейскай Фэдэрацыяй. Сярод пазнавальных брэндаў краіны – дыктатар Аляксандар Лукашэнка, хакей, Чарнобыльская катастрофа і Вікторыя Азаранка. Такі сьціплы набор наўрад ці зацікавіць прадстаўнікоў сярэдняе клясы з Эўропы, ЗША альбо Японіі, якія зьяўляюцца найбольш актыўнымі турыстамі ў сьвеце..

“Я выглядаў звычайным турыстам. Тое, што я насамрэч зьяўляўся жыхаром гораду, можна было зразумець па спэцыяльным значку рэзыдэнта”
Бенуа Дзютортр,
аповесьць “Горад шчасьця”

І гэтая сытуацыя ня зьменіцца да моманту, пакуль праблема пісьменнага пазыцыянаваньня лякальных брэндаў ня будзе вырашаная на належным узроўні.

Антыўтопія “Горад шчасьця” – гэта твор пра сьвет, які вельмі падобны на наш. Францускі пісьменьнік Бенуа Дзютортр напісаў вострую  сатыру, у якой вядзецца гаворка пра безназоўны горад з посткамуністычнай краіны Эўропы. Дзея можа адбывацца дзе заўгодна: у Празе, Вільні, Львове альбо нават у беларускім Гомелі – для пералічаных гарадоў характэрныя праблемы канструяваньня сваіх новых абліччаў. Аповесьць “Горад шчасьця” перасьцерагае эўрапейскія грамадзтвы ад празьмернага захапленьня глябалізацыйнымі трэндамі, у выніку чаго ўніфікуюцца разнастайнасьці і самабытнасьці тых ці іншых карэнных народаў.

Беларусі пакуль што пагроза страты тоеснасьці ў зьвязку з наплывам вялікіх масаў турыстычнага інтэрнацыяналу не пагражае. Асноўныя патокі вандроўнікаў абмінаюць “моцную і квітнеючую”, аддаючы перавагу краінам Прыбалтыкі альбо Ўкраіне. Зразумела, што такі стан рэчаў ня можа пакінуць абыякавымі беларускія ўлады, якія таксама шукаюць грашовыя сродкі дзе толькі можна. І разьвіцьцю міжнароднага турызма ў нашай краіне надаецца дастаткова шмат увагі. Прынамсі, на ўзроўні напісаньня разнастайных дакумэнтаў і складаньня прагнозаў.

Разьвіцьцё турызма ў Беларусі – прафанацыя

Згодна Дзяржаўнай праграме разьвіцьця турызма (далей – Дзяржаўная праграма), цягам 2011-2015 гадоў Беларусь па экспарце турыстычных паслугаў павінна выйсьці на ўзровень 510 млн. амэрыканскіх даляраў у год. Гэтая задача – ня з простых, бо па выніках 2010 году турыстычная галіна прынесла казьне ўсяго 146,7 млн. даляраў ЗША. Цяжка нават уявіць, паводле якой мэтодыкі Белстат, ажыцьцяўляў складаньне прагнозаў разьвіцьця турызму. Але факт застаецца фактам: улады вельмі прагнуць атрымаць валютную выручку за кошт паступленьняў ад замежных турыстаў. Аднак пакуль што Беларусь застаецца прыцягальнай хіба што для нешматлікіх аматараў сэкс-турызму, паляўнічых з браканьерскімі схільнасьцяі, экстрэмалаў і разнастайных эксцэнтрыкаў. А такі сэгмэнт кліентаў па азначэньні ня зможа істотна павялічваць прыбыткі дзяржавы за кошт уязнога турызма.

Зрэшты, калі прааналізаваць Дзяржаўную праграму, якая складаецца зь некалькіх дзясяткаў старонак, можна зрабіць выснову, што дзяржава ўсё-такі зацікаўленая ў атрыманьні дадатковых грашовых рэсурсаў. Але рэальных падставаў для турыстычнага буму ў пэрспэктыве бліжэйшай пяцігодкі няма. І справа тут палягае як у аб’ектыўных чыньніках (недасканале заканадаўства, няразьвітае мясцовае самакіраваньне, брак фінансаў, адсутнасьць неабходнай інфраструктуры, беднасьць на гісторыка-культурныя аб’екты, наступствы тэхнагеннай катастрофы на ЧАЭС і г.д.), так і на суб’ектыўных (нэгатыўны імідж краіны за мяжой, малаініцыятыўнасьць органаў выканаўчай улады ў справе разьвіцьця турызму, пасіўнасьць прадстаўнікоў мясцовых супольнасьцяў, недаразьвітасьць малога і сярэдняга бізнэсу). Чыноўнікі, якія распрацоўвалі Дзяржаўную праграму разьвіцьця турызму, ня сільна крэатывілі з варыянтамі выпраўленьня вартай жалю маркетынгавай стратэгіі краіны ў сфэры турыстыкі. Айчынны турыстычны бізнэс стаіць і будзе стаяць на трох традыцыйных слупах: 1) Спартовыя аб’екты (лядовыя арэны, футбольныя манэжы і аквапаркі); 2) Аб’екты сельскага турызма (лубочныя сядзібы і малацікавыя маршруты); 3) Беларуская прырода (запаведнікі, паляўнічыя гаспадаркі і г.д.).

“Тут Масква ў галаве, тут Масква ў газэтах…”

Якая доля турыстычнага пірага прыпадае на Гомельшчыну, у Дзяржаўнай праграме не канкрэтызавана. Адпаведна, можна сьмела меркаваць, што аніякіх рэвалюцыйных зьменаў у падыходах дзяржавы што да турыстычнага бізнэсу ў рэгіёне чакаць не выпадае. Адказныя за рэалізацыю палітыкі турызму адзьдзелы выканкамаў, хутчэй за ўсё, абмяжуюцца плянаваннем малацікавай сеткі мерапрыемстваў і мёртвых турыстычных экскурсій, якія ў выглядзе плянаў і справаздачаў адправяцца назаўжды ў пыльныя шуфляды профільных міністэрстваў.

Гомель – другі па велічыні горад Беларусі, зь цікавай гісторыяй і адметнай архітэктурай. Нягледзячы на аб’ектыўныя перадумовы да ўсплеску турыстычнай зацікаўленасьці да гэтага гораду, на вуліцах абласнога цэнтру па-ранейшаму рэдка гучыць замежная мова. Што казаць, нават у вачох іншагародніх беларусаў Гомель разглядаецца як шэры індустрыяльны цэнтар і транзытны горад на шляху ў Крым, які ня мае пазнавальнага аблічча. Апрача гэтага, Гомель мае рэпутацыю “самага расейскага” зь беларускіх гарадоў, што таксама не спрыяе павелічэньню турыстычнага патоку. Гарадзкая архітэктура, тапаніміка і месцы памяці ў большасьці выпадкаў датычаць пэрыядаў каляніяльнай гісторыі гораду, якая не знаходзіць водгука нават у саміх гамельчукоў, ня кажучы пра гасьцей гораду.

У якасьці ілюстрацыі тэзы аб расейскім культурным дамінаваньні ў Гомелі разгледзім найбольш папулярны турыстычны аб’ект. Помнік архітэктуры клясыцызму 18-19 стагодзьдзяў гомельскі палац Румянцавых-Паскевічаў зьяўляецца візытоўкай гораду. Так бы мовіць, культурнай і сымбалічнай дамінантай. Усе турыстычныя маршруты ў Гомелі ў той ці іншай ступені зьнітаваныя з выкарыстаньнем патэнцыялу дадзенага музэйнага комплекса. Але ці многа дазнаецца іншаземны турыст пра беларускую гісторыю горада, калі наведае дадзены палац? Пра гісторыю кранальных каляніяльных узаемаадносінаў прадстаўнікоў дваранскіх расейскіх радоў Румянцавых і Паскевічаў зь мясцовымі абарыгенамі – так. Пэрыяд знаходжаньня Гомеля ў складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, атрыманьне горадам Магдэбургскага права, жыцьцё і дзейнасьць таленавітага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, учынкі ідэйнага тэрарыста Лявона Карповіча, біяграфія міністра БНР Палуты Бадуновай, а таксама мноства іншых падзеяў і фактаў, якія зьяўляюцца элемэнтамі мазаікі нацыянальнага наратыву па-ранейшаму не ў пашане ў дырэкцыі палацу.

Дзірка ад бубліка, а ня брэнд Гомеля

У Дзяржаўнай праграме разьвіцьця турыстычных паслугаў на 2011-2015 гг. прадугледжана, што пытаньнямі фармаваньня турыстычных брэндаў зоймуцца выканаўчыя камітэты кожнага раёна. Аднак для рэалізацыі дадзенай задачы закладзены бюджэт сумай у “нуль” рублёў. Якія б найцудоўнейшыя аб’екты мы не адкрывалі для замежнікаў, колькі б мільёнаў даляраў не ўкладалі ў разьвіцьцё інфраструктуры, эфэкту для народнай гаспадаркі ад гэтага будзе вобмаль, бо пра гэта не дазнаецца патэнцыйны спажывец паслугаў. Па вялікім рахунку ўсе беларускія населеныя пункты маюць праблемы з пазыцыянаваньнем. Нават самыя ўдалыя айчынныя прыклады – Нясьвіж і Мір зь іх выдатнымі архітэктурнымі ансамблямі — вядомыя адносна малой колькасьці замежных турыстаў.

Можна вылучыць тры актары, якія могуць удзельнічаць у стварэньні турыстычнага брэнду Гомеля. Асноўным гульцом на рынку турыстычных паслугаў зьяўляецца дзяржава ў выглядзе выканаўчай улады. Менавіта ў адмысловых адзьдзелах выканкамаў распрацоўваюцца пляны па прыцягненьні гасьцей у горад над Сожам. Другім актарам зьяўляюцца структуры грамадзянскай супольнасьці (НКА, грамадзкія рухі і ініцыятывы, сеціўныя і грамадзкія актывісты, уладальнікі і журналісты новых мэдыя). Трэцім актарам зьяўляюцца бізнэс-структуры.

А цяпер разгледзім па парадку патэнцыялы і ролю кожнага з актараў, якія маглі б спрычыніцца да кшталтаваньня лякальных турыстычных брэндаў у Гомелі.

Органы выканаўчай улады

Неэфэктыўнасьць дадзенага актара ў справе нарошчваньня турыстычнага патэнцыялу вынікае з неразьмежаванасьці і блытаніны функцый выканаўчай улады на месцах. Паводле Дзяржаўнай праграмы разьвіцьця турызму, мясцовыя органы ўлады зьяўляюцца адначасова замоўцамі і рэалізатарамі праграмы, што, відавочна, супярэчыць прынцыпам эфэктыўнага мэнэджмэнту. Нават пры дэмакратычных рэжымах для бюракратыі ўласьцівыя памкненьні да таго, каб зрабіць працэс прыняцьця рашэньняў максымальна непразрыстым і закрытым. Ва ўмовах Беларусі, калі партыю ўлады фактычна замяніла ўплывовая бюракратыя (яе яшчэ называюць вэртыкаль), непрапарцыйнае пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў на карысьць выканкамаў можа спарадзіць наступныя нэгатыўныя зьявы:

1. Фармалістычны падыход у справе разьвіцьця турызму. Такая тэндэнцыя выяўляецца ў сучаснай Беларусі напоўніцу. На бюджэтныя сродкі ў Гомельскай вобласьці створаны адмысловы сайт “Гомельшчына турыстычная”, дзе перадрукаваныя сухія вытрымкі зь “Вікіпэдыі” і іншых інтэрнэт-рэсурсаў (www.gomeltour.com ). Праекты, якія распрацавалі адзьдзелы спорта і турызма, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Возьмем да разгляду праект “Залатое кальцо Гомельшчыны” (www.goldring.gomel-region.by ). Па-першае, тут мае месца наўпроставы плягіят зь вядомага турыстычнага маршруту эўрапейскай часткі РФ, які называецца “Золотое кольцо России”. Акрамя таго, нават сама назва праекту сьведчыць пра каляніяльныя шаблёны мысьленьня распрацоўшчыкаў турыстычных маршрутаў, ня здольных творча пераасэнсаваць наяўныя магчымасьці для раскруткі брэнда Гомельшчыны. Па-другое, сама назва “Залатое кальцо Гомельшчыны” ў заходняга спажыўца турыстычных паслугаў ня выклікае аніякіх асацыяцыяў. Ну, хіба што ён заўважыць нейкую паралель “гомельскага кальца з творам Джона Толкіена “Валадар Пярсьцёнкаў”. Праўда, для раскруткі брэнда Гомельшчыны як хобітаўскай рэзэрвацыі ня хопіць і ўсяго золатавалютнага рэзэрву Нацбанку.

2. Карупцыя. Адмоўным момантам празьмернай ангажаванасьці органаў улады ў працэс разьвіцьця турыстычнай галіны ў Гомельскай вобласьці можа стаць пераразьмеркаваньне бюджэтных сродкаў і перадача ў арэнду турыстычных аб’ектаў на карысьць бізнэс-структур на непразрыстых падставах.

3. Адсутнасьць дыялёгу з грамадзкасьцю можа выклікаць рэалізацыю шэрагу праектаў, якія справакуюць канфрантацыю ўладаў з прадстаўнікамі лякальных супольнасьцяў. Напрыклад, рэалізацыя буйнога інвэст-праекту па будаўніцтве аўтамагістралі “Усходні абыход”, пэўны ўчастак якой пройдзе праз раён Пралетарскі луг і левабярэжную зону палацава-паркавага ансамбля, ужо выклікае нараканьні гісторыкаў-краязнаўцаў і экалягічных актывістаў.

У дадзены момант органы ўлады ня маюць дакладнай канцэпцыі напрамкаў разьвіцьця турыстычных паслугаў у рэгіёне. Прынамсі, для шырокай грамадзкасьці не прадстаўленыя пляны ўладаў адносна прыярытэтных відаў турыстычнай дзейнасьці. Рэалізацыя дзяржаўнай праграмы вядзецца выключна ў дэкляратыўным і імітацыйным рэчышчы. У якасьці ілюстрацыі гэтага сьцьвярджэньня прывядзем прыклад указу выканкама аб арганізацыі дыстрыбуцыі сувэнірных тавараў праз буйныя гандлёвыя кропкі гораду. У пачатку 2010 году ў разнастайных гандлёвых сетках зьявіліся тэматычныя стэнды з турыстычнай прадукцыяй. Аналіз наяўных сувэніраў сьведчыць пра тое, што ва ўладаў няма сыстэмнага бачаньня таго, у якім рэчышчы варта разьвіваць турыстычную галіну ў Гомелі. Паштоўкі, турыстычныя даведнікі і выданьні наскрозь працятыя духам эклектыкі. У адным узоры прадукцыі могуць суседнічаць як імпэрскія сымбалі, так і візуальныя ўвасабленьні савецкай эпохі. Усё нацыянальнае мае другасны характар.

Грамадзянская супольнасьць

Варта зазначыць, што грамадзкія аб’яднаньні, асобныя актывісты і прадстаўнікі лякальных супольнасьцяў зрабілі дастаткова вялікі ўнёсак што да папулярызацыі турыстычнага брэнду беларускага Гомеля. У прыватнасьці, мэтазгоднасьць рэалізацыі праекту “Драўляны Гомель” абгрунтаваная навуковымі дасьледаваньнямі мясцовых энтузіястаў А. Скідана, Я. Малікава. Прадстаўнікі маладзёвай арганізацыі “Талака” і гомельскай філіі Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны ладзілі адмысловыя акцыі па ўратаваньні помнікаў драўлянай гарадзкой архітэктуры ХІХ стагодзьдзя, разьмешчаных у ваколіцах вуліцаў Карла Маркса і Валатаўской. Сябры дадзеных арганізацый правялі сэрыю экскурсій для зацікаўленых гараджанаў па драўляным Гомелі, што атрымала сур’ёзны рэзананс у СМІ. Нягледзячы на тое, што прыняты генплян будаўніцтва Гомеля на 2020-2030 гады практычна не прадугледжвае захаваньня пералічаных помнікаў архітэктуры, працэс прызнаньня гісторыка-культурнай каштоўнасьці драўлянай забудовы з адметным дэкорам паскорыўся і ва ўладных колах. Як у незалежных, так і дзяржаўных СМІ рэгіёна ідзе абмеркаваньне шляхоў уратаваньня ўзораў гомельскага драўлянага дойлідзтва. На дадзены момант распрацаваныя дзьве ўмоўныя канцэпцыі захаваньня адметнай архітэктурнай спадчыны. Першая прадугледжвае стварэньне музэя-скансэна, пад функцыянаваньне якога будзе выдзелены адмысловы ўчастак у рысе гораду. Іншы варыянт не выключае захаваньня аўтэнтычных будынкаў на тых самых месцах, дзе яны былі ўзьведзеныя.

<!** Image 3 align=”middle” alt=”Драўляны Гомель – адметны турыстычны аб’ект, які застаецца па-за ўвагай чыноўнікаў // gp.by” sub=”Драўляны Гомель – адметны турыстычны аб’ект, які застаецца па-за ўвагай чыноўнікаў // gp.by” >
Аднак грамадзянская супольнасьць па азначэньні ня можа выступаць у ролі стваральніка лякальнага турыстычнага брэнду па прычыне адсутнасьці ўладных кампэтэнцый для прыняцьця рашэньняў. Акрамя таго, НКА рэгіёну ня маюць магчымасьцяў прыцягненьня сур’ёзных фінансавых сродкаў для рэалізацыі свайго праекту. Улічваючы канфрантацыйны характар узаемаадносінаў органа ўлады з асобнымі НДА, няцяжка прадказаць, які лёс чакае праект “Драўляны Гомель”.

Варта адзначыць, што гомельскія лякальныя супольнасьці ня маюць таксама кансэнсуснага бачаньня канцэпцыі разьвіцьця турыстычнага брэнду. У Гомелі не праводзілася аніводнага круглага стала і шырокай дыскусіі па дадзенай праблематыцы.

Бізнэс

Прадстаўнікі бізнэс-структур практычна ня ўдзельнічаюць у распрацоўцы турыстычнага іміджу Гомеля. Прадпрымальнікі ў асноўным задзейнічаныя ў сфэры харчаваньня, гатэльнага бізнэсу і агратурызму. Паколькі ўмовы вядзеньня бізнэсу ў Беларусі дастаткова спэцыфічныя, то практычна ўсё дзелавыя людзі арыентаваныя на ўстаноўкі зь мясцовых органаў улады. У горадзе няма аніводнай турыстычнай крамы, якая магла б прапанаваць турысту не лубочную, а аўтэнтычную беларускую прадукцыю. У Гомелі няма аніводнай сапраўднай рэстарацыі зь беларускай кухняй, дзе працавалі б беларускамоўныя кельнеры і быў поўнасьцю вытрыманы інтэр’ер з улікам нацыянальнага калярыту. Аднак усе пералічаныя недарэчнасьці зьвязаныя якраз з праблемай адсутнасьці адзінай канцэпцыі разьвіцьця Гомеля.

Блізкі замежны прыклад

Каб зрушыць справу разьвіцьця турызму ў Гомелі зь мёртвай кропкі, варта хаця б прыглядзецца да досьведу прыпамежнага Чарнігава. Суседні ўкраінскі горад значна апярэдзіў Гомель у справе фармаваньня брэнду для турыстаў. Рэзультатам шматмесяцовай супрацы экспэртаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, бізнэс-структураў і органаў улады Чарнігаў займеў пазнавальны брэнд “Чернігів – місто легенд”. У аснове брэнда ляжыць глыбокая гісторыя гэтага цэнтра старажытнаславянскай і праваслаўнай культуры, якая сягае сваімі каранямі ў часы Кіеўскай Русі. Па замове экспэртных цэнтраў грамадзяне і камэрцыйныя установы дасылалі на конкурсы свае варыянты выкананьня брэнду Чарнігава. Найлепшыя ўзоры былі адабраныя кампэтэнтным журы. З мэтай папулярызацыі новага брэнду на гарадзкіх білбордах вывешваліся выявы са слёганам “Чернігів – місто легенд”. Ініцыятары рэбрэндынгу Чарнігава разьлічваюць на тое, што ў выніку іхнай працы павялічыцца колькасьць як украінскіх, так і замежных наведнікаў гораду. У бягучым годзе ва Ўкраіне будзе праходзіць чэмпіянат Эўропы па футболе. Адпаведна, Чарнігаў можа стаць адным з запатрабаваных цэнтраў турызму.

Прыведзены досьвед украінскага Чарнігава ілюструе тое, што пасьпяховае разьвіцьцё турыстычнай галіны грунтуецца найперш на прынцыпе супрацоўніцтва грамадзкасьці і органаў улады. Працэс абмеркаваньня брэнду горада мусіць мець адкрыты характар. Да распрацоўкі лякальнай стратэгіі разьвіцьця турызму павінныя запрашацца прадстаўнікі экспэртнай супольнасьці і бізнэсоўцы. Але галоўнае: пры рэалізацыі турыстычнай праграмы ўлада абавязаная дбаць найперш пра інтарэсы гараджанаў. Ад таго, падтрымліваюць жыхары гораду пэўны праект ці не, будзе залежыць посьпех пачынаньняў. Іначай Гомель спасьцігне лёс безназоўнага дыснэйлэнда з аповесьці Бенуа Дзютортра “Горад шчасьця”. Гэты горад у канчатковым выніку перастаў быць камфортным і цікавым для ўсіх: і для турыстаў, і для аўтахтонаў.

Прочитано 498 раз

Популярные новости

Актуальное

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Вы непременно найдете много полезной и интересной информации на наших страницах в социальных сетях:

Правила

Допускается любое использование публикаций сайта, при условии размещения прямой активной ссылки на источник. Эта ссылка должна быть размещена в первом абзаце перепечатанного материала в виде фразы: «Сообщает Деловой Гомель (здесь размещается гиперссылка на страницу-источник)».

Посещаемость