Пад час акупацыі Беларусі нацысцкай Германіяй адным з ідэалагічных мерапрыемстваў акупацыйнай палітыкі была змена назваў вуліц гарадоў і мястэчак.
Савецкія назвы замяняліся старымі, што бытавалі да 1917 г., захоўваліся нейтральныя назвы 1920—1930-х гг. альбо ўводзіліся германізаваныя назвы, якія спакваля, але мэтанакіравана змянялі культурны код горада, ператвараючы гэтую новую і чужую для акупантаў прастору ў блізкую і знаёмую з дзяцінства кожнаму немцу.
У выніку наступлення германскіх войск 8-10 жніўня 1941 г. яны прарвалі лінію абароны 21-й савецкай арміі і выйшлі на подступы да Гомеля. 19 жніўня пачаліся баі ў межах горада, увечары апошнія абаронцы пакінулі яго, а на наступны дзень сілы вермахта пераправіліся праз Сож і ўвайшлі ў прадмесце Навабеліца на левым беразе ракі. Вызваленне Гомеля пачалося 10 кастрычніка 1943 г., калі савецкія войскі ўвайшлі ў Навабеліцу, але толькі 26 лістапада 1943 г., у выніку Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі, горад, размешчаны на правым высокім і добра ўмацаваным беразе Сожа, быў вызвалены.
Гісторыя Гомеля перыяду акупацыі раней асвятлялася амаль выключна ў кантэксце яго абароны летам 1941 г., злачынстваў германскага акупацыйнага рэжыму, дзейнасці падпольшчыкаў і партызан, вызвалення горада восенню 1943 г., яго пасляваеннага аднаўлення. Звесткі аб жыцці горада і гараджан пад акупацыяй, што доўжылася 829 дзён, фрагментарныя. Сёння беларускія гісторыкі толькі пачынаюць даследаваць гэты перыяд па меры выяўлення новых і пераасэнсавання вядомых гістарычных крыніц.
Сярод краязнаўцаў Гомеля доўгі час бытавала легенда, што пад час акупацыі горада ў 1941—1943 гг. германскія ўлады пераймяноўвалі яго вуліцы. Аб гэтым цьмяна ўзгадвалі і некаторыя гомельскія старажылы, непасрэдныя сведкі тых падзей. Вядома, што германская акупацыйная адміністрацыя не цярпела выкарыстання камуністычных назваў, што відавочна з прыкладаў іншых беларускіх гарадоў. Рэдкія згадкі назваў гомельскіх вуліц гэтага перыяду часам трапляліся ў нешматлікіх публікацыях дакументаў. Аднак даследчыкам не былі вядомыя афіцыйныя дакументы аб перайменаваннях вуліц Гомеля ў 1941—1943 гг. Бракуе такіх звестак і ў гістарыяграфіі. Толькі гомельскі гісторык Ю.Э.Глушакоў, на аснове аналізу калабаранцкай прэсы, пісаў аб вяртанні ў горадзе ўсіх тапанімічных назваў, якія ўжываліся да 1917 г. (што, як цяпер высветлілася, мала адпавядае рэальнасці).
Некалькі год таму аўтары даведаліся аб існаванні плана Гомеля часоў акупацыі, з адзначанымі на ім нямецкімі тапанімічнымі назвамі горада — вуліц, плошчаў і інш. Праз два гады даследчыкі адшукалі нават тры планы2. Першы з іх захоўваецца ў дакументах фонда Беларускага штабу партызанскага руху ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. На ім прадстаўлена правабярэжная частка горада, уключна з цэнтрам, раёнамі за лініяй чыгункі і каля завода Гомсельмаш. Мяркуючы па ўсім, гэты план быў захоплены партызанамі разам з іншымі нямецкімі дакументамі ў час вайны. Два астатнія планы захоўваюцца ў Бундэсархіве (Фрайбург, Германія), іх копіі нам ветліва прадаставіў Франц Масэр (Franz Masser) — грамадзянін Германіі, які шмат гадоў займаецца пошукам нямецкіх пахаванняў часоў Першай і Другой сусветных войн на тэрыторыі Беларусі. Адзін з іх мае падабенства з тым, што захоўваецца ў НАРБ, але дадаткова ўтрымлівае інфармацыю па левабярэжнай частцы горада (Навабеліцкі раён). Верагодна, у плане з НАРБ навабеліцкую частку абрэзалі. Трэці план вельмі схематычны, на ім пазначана месцазнаходжанне ваенных аб’ектаў у горадзе, але яго легенда змяшчае пералік 21 нямецкамоўнай назвы вуліц Гомеля, і, што вельмі важна, ён датаваны красавіком 1942 г.
План, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, прыкладаўся да данясення начальніка Беларускага штаба партызанскага руху П.З.Калініна, на ім указаны ваенныя аб’екты і агнявыя кропкі ў горадзе па стане на 15 жніўня 1943 г.. Як выявілася, легенда плана, напісаная партызанамі, пры супастаўленні крыніц, аказалася не зусім дакладнай: не ўсе вуліцы анатаваныя; памылкова перакладзены асобныя назвы (чамусьці “Scheunen-strasse” (“вуліца Гуменная”) перакладзена як “Кабацкая вуліца”, а “Margareten-strasse” (вуліца “Маргарыты”) як вуліца Маргарытак (кветак стакротак), якія па-нямецку называюцца “Gänseblümchen”); арфаграфічныя памылкі, якія змяняюць сэнс (вуліца “Пехотная” стала “Пахотной”), няведанне асобных перадваенных перайменаванняў (вуліца Громава засталася вуліцай Сцяклова, Чкалава — Чычэрына і інш.); памылковае супрацьпастаўленне (“Georg-strasse” атаясамліваецца з былой Рабочай, калі на самай справе апошнюю немцы пераназвалі ў “Jäger-strasse”).
Супастаўленне надпісаў з абодвух знойдзеных планаў дазволіла выявіць поўную карціну перайменавання вуліц Гомеля германскімі акупацыйнымі ўладамі. У выніку атрымана 198 нямецкамоўных тапанімічных назваў горада перыяду 1941—1943 гг. (яшчэ тры прачытаць не ўдалося). Абсалютная большасць іх адносіцца да вуліц Гомеля, частка — да важных аб’ектаў гарадской інфраструктуры. Вуліцы добра ідэнтыфікуюцца, бо планы амаль цалкам супадаюць з існуючай і сёння трасіроўкай. Гэта дазволіла суаднесці іх назвы ў розныя перыяды і выявіць пэўныя заканамернасці германскай акупацыйнай і мясцовай калабаранцкай адміністрацый у правядзенні палітыкі ў галіне гарадской тапанімікі. Для больш зручнага ўспрыняцця прааналізаванага матэрыялу ў дадзеным артыкуле ён прадстаўлены ў выглядзе табліцы з указаннем назваў на нямецкай мове (па стане на 1943 г.) і ў перакладзе, а таксама назвы гэтых жа вуліц на перыяд 1917 г., 1941 г. і 2020 г. (табліца № 1). У якасці крыніц выкарыстаны планы Гомеля 1910 г.6, 1913 г.7, 1924 г., пачатку 1930-х гг.9, 1934 г.10, 1940 г.11, 1941 г., а таксама даведнік “Гомель и городские поселения Гомельщины. Предварительные итоги переписи 1926 года…’.
Вынікі атрымаліся вельмі цікавымі і паказальнымі і, верагодна, могуць служыць прыкладам для разумення асаблівасцяў правядзення падобнай палітыкі і ў іншых населеных пунктах на захопленай тэрыторыі Беларусі, а таксама дазваляюць у будучым больш дакладна асэнсаваць змест крыніц пра падзеі ў Гомелі ў перыяд германскай акупацыі.
За аснову для аналізу даследуемага матэрыялу аўтары ўзялі пераклады назваў вуліц з нямецкай мовы на беларускую. Такі метадалагічны прыём дазволіў больш выразна і дакладна разумець сутнасць падыходаў акупацыйных уладаў у пытанні стварэння новай гарадской тапанімікі.
Статыстычны аналіз 201 выяўленага гарадскога тапоніма паказаў, што каля 155 з іх (77,11%) атрымалі змены ў параўнанні з існуючымі ў 1941 г. назвамі. Усе зафіксаваныя змененыя назвы можна падзяліць на тры групы:
I група — прыблізна 16% вуліц пад час перайменавання былі вернуты старыя назвы, ужываныя да 1917 г., але перакладзеныя на нямецкую мову (“Schmiede–strasse” — Кавальская вуліца);
II група — каля 78% вуліц атрымалі абсалютна новыя назвы, ніяк не звязаныя з папярэдняй гарадской тапанімікай; III група — прыкладна ў 6% вуліц даваенныя назвы невядомыя ці не чытаюцца нямецкія, таму высветліць, ці мяняліся яны, немагчыма.
Сярод назваў, што былі змененыя ў абавязковым парадку, — усе звязаныя з камунізмам, савецкімі рэвалюцыйнымі героямі і падзеямі: вуліцы Савецкая, Камсамольская, Леніна, Сталіна, Маркса, Энгельса, Арцёма, Калініна і г. д. Выключэннем стала толькі вуліца Піянерская (“Pionier–strasse“, сучасная Хатаевіча), назва якой, верагодна, у нямецкім уяўленні атаясамлівалася не з дзіцячай камуністычнай арганізацыяй, а са з’явай першаадкрывальніцтва ці сапёрна-інжынернымі войскамі.
Як ні дзіўна, але ў акупацыйнай тапаніміцы Гомеля, што прыйшла на змену заідэалагізаванай савецкай, амаль не прасочваецца відавочная прамая нацысцкая прапаганда (акрамя самога факта перайменавання). Выключэннем сталася замена назваў вуліцы Савецкай і плошчы Савецкай, на назвы вуліца Перамогі і плошча Перамогі (“Sieges–strasse” i “Sieges–platz“). Гэтая назва ў нямецкім выкананні 1942 г. мае пэўнае змрочнае адценне — у акупантаў планавалася свая, нацысцкая, перамога, у гонар якой яны пераназвалі галоўную магістраль і плошчу Гомеля.
Частка вуліц атрымала абсалютна новыя (у параўнанні з 1917 г. і з 1941 г.) назвы, утвораныя ад асабістых імён (Хелена, Марыэн, Роза, Шарлота, Ян, Маргарыта, Таццяна, Сафія і інш.). Некаторыя старыя патранімічныя назвы былі адаптаваныя пад нямецкае вымаўленне — напрыклад, вуліца Уладзімірская пераўтварылася ў Вальдэмар-штрасэ, Іванаўская — Іаханэс-штрасэ, Паўлаўская — Паўль-штрасэ і г. д. Аднак з’явіліся і абсалютна нямецкія Фрыдрыхштрасэ, Шарлотэн-штрасэ, Маргарэтэн-штрасэ, Хайнрых-штрасэ. У цэлым у новай тапаніміцы горада з’явілася 26 імянных вуліц, уключаючы ранейшыя.
Цяпер цяжка зразумець логіку надання вуліцам відавочна не звязаных з тутэйшай мясцовасцю, але і палітычна неідэалагізаваных назваў. Але пры параўнанні акупацыйнай тапанімікі Гомеля з тапанімікай нямецкіх гарадоў высвятляецца, што 20 назваў з 26 сустракаюцца ў Берліне! Яшчэ дзве (Пітэр-штрасэ і Ойген-штрасэ) — сярод вуліц іншых нямецкіх гарадоў (напрыклад, Аахена і Цюбінгена). Толькі для чатырох назваў (Віктар-штрасэ, Мяфодзіус-штрасэ, Хельге-штрасэ, Таццяна-штрасэ) не былі знойдзены нямецкія аналагі. Маўэр-штрасэ (Сцянная вуліца) сваім зместам і размяшчэннем выглядае мала звязанай з Гомелем, рэаліямі месца і тутэйшымі традыцыямі, але разам з Турм-штрасэ (Вежавай вуліцай) яны цалкам сугучныя адным з галоўных вуліц Берліна. Такім чынам, даваенная тапанімічная саветызацыя Гомеля з прыходам “новых гаспадароў” змянілася не нацыфікацыяй (што на першы погляд падавалася б больш лагічным), а германізацыяй — акупанты метадычна засвойвалі новую жыццёвую прастору, перафарматоўваючы яе культурны код.
Большасць вуліц атрымала абсалютна нейтральныя назвы. Асобныя з іх — дакладна перакладзеныя на нямецкую мову старыя назвы (вуліцы Шпітальная, Гуменная, Палявая, Сталярная, Балотная, Тэхнічная, Паштовая і інш.).
Не стала праблемай для акупацыйных уладаў і выкарыстанне ў назвах вуліц назваў расійскіх гарадоў (вуліца Маскоўская), у тым ліку і новых, не ўжываных раней у тапаніміцы Гомеля (вуліцы Вяземская, Смаленская, Бранская, Пецярбургская).
Найбольшая колькасць вуліц атрымала свае новыя назвы ў гонар відавочных рэальных мясцовых адметнасцяў: ландшафтных (вуліцы Азёрная, Сажалкавая, Берагавы шлях і інш.), пэўных побытавых асаблівасцяў жыхароў (вуліцы Чаўнаковая, Выганная, Пякарная і інш.), тапаграфічных (вуліцы Памежная, Каўказская, Данская і інш.) альбо архітэктурных дамінант (вуліцы Вакзальная, Млынавая, Партовая, Дамбавая, Маставая, Вежавая і інш.). Такімі ж меркаваннямі кіраваліся пры наданні назваў вуліцам Могілкавай і Памяці (апошняя вяла ўздоўж могілак на поўдні Навабеліцы). Пры такім падыходзе да стварэння тапаніміі новыя назвы былі відавочна больш арганічнымі для горада, бо працягвалі старажытную традыцыю іх утварэння ад заўважных мясцовых адментнасцяў (у адрозненне ад савецкіх назваў, ідэалагізаваны складнік якіх звычайна абсалютна ніяк не быў звязаны з мясцовасцю, дзе з’яўлялася назва, і, адпаведна, нічога пра яе не распавядаў).
Адбіліся ў акупацыйнай тапаніміцы і падзеі вайны, якія ўжо сталіся і заўважнымі новымі мясцовымі геаграфічнымі асаблівасцямі (вуліцы Лагерная, Пяхотная, Казарменная, Перамогі). У гэтым кантэксце асабліва паказальнае перайменаванне былой вуліцы імя рэвалюцыянера П.У.Карповіча (ураджэнца Гомеля), якая замест старой назвы Новікаўская атрымала абсалютна новую — Руінная вуліца (“Ruinenstrasse“), што больш адпавядала характарыстыцы яе рэальнага стану пасля бамбардзіровак Гомеля люфтвафэ летам 1941 г.
Таму немцы яе так і пераназвалі — Руінная вуліца (Ruinen-strasse).
Панарама з двух фотаздымкаў 1943 г. з прыватных калекцый Юрыя Панкова і Яўгена Малікава.
Асобна варта адзначыць назвы вуліц у гонар дзеячаў культуры. Ідэалагічная падаплёка з’яўлення ў цэнтры горада вуліц імя Гётэ і Шылера зразумелая14. Але захаванне назваў вуліц Талстога і Пушкіна, атрыманых у 1920—1930-х гг., увогуле не ўпісваецца ў стэрэатыпны вобраз акупацыйнай улады як скіраванай цалкам на знішчэнне любых праяў мясцовай культуры. Тое самае можна сказаць і пра ўжыванне назваў у гонар Лермантава, Чайкоўскага, Глінкі, Чэхава, Гогаля, Дастаеўскага — на жаль, не атрымалася высветліць, ці з’явіліся яны яшчэ да 1941 г. (прынамсі, на планах 1940—1941 гг. такіх тапонімаў няма), аднак пры акупацыйнай уладзе гэтыя назвы афіцыйна існавалі. Не выклікае сумнення, што гэта былі толькі пэўныя дыпламатычныя саступкі пад час вайны, скіраваныя на атрыманне даверу з боку тутэйшага насельніцтва, але таксама відавочна, што, перш за ўсё, гэта быў вынік дзейнасці мясцовай калабаранцкай (як тады казалі — “рускай”) адміністрацыі. Гэта асабліва заўважна пры аналізе мясцовай калабаранцкай прэсы, якая, асвятляючы культурнае жыццё акупаванага Гомеля, вялікую ўвагу надавала “рускай літаратурнай дзейнасці”. Напрыклад, на святочным канцэрце 22 чэрвеня 1943 г. музыканты гралі не толькі творы Бетховена: “Затем артист Марийкин с чувством исполнил романс Чайковского “Мы сидели вдвоем”.
Аб тым, што пералічаныя новыя назвы ў рэальнасці існавалі і выкарыстоўваліся ў акупаваным Гомелі ў 1942—1943 гг. не толькі ў афіцыйнай нямецкай дакументацыі, сведчыць шэраг выяўленых фактаў.
Важнай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца аматарскія фотаздымкі з відамі Гомеля, выкананыя нямецкімі салдатамі і імі ж падпісаныя. Некалькі сотняў з іх захоўваюцца ў зборах мясцовых калекцыянераў і былі намі прааналізаваныя. На здымках канца 1941 г. салдаты яшчэ не змяшчаюць назваў вуліц, зрэдку іх называюць зыходзячы з суб’ектыўнага ўражання — напрыклад, віды Савецкай падпісаны як “Hauptstrasse” (Галоўная вуліца), “Rollbahnstrasse” (Аўтастрадная вуліца).
3 прыватнай калекцыі Яўгена Малікава.
Аднак на фотаздымках 1943 г. ужо трапляюцца існуючыя назвы вуліц. Выяўлены дзве карткі з відамі сучаснай вуліцы Катоўскага (пазнаецца па забудове), на адваротных баках якіх падпісана: “Gomel. Iohannesstrasse. Winter 1943“. На даследаваных нямецкіх планах назвай “Iohannes-strasse” пазначана сучасная вуліца імя Катоўскага. Таксама выяўлены фотаздымак сучаснай плошчы Леніна, падпісаны як “Gomel. Siegesplatz. 1943“, што таксама цалкам адпавядае назве на картах 1942—1943 гг.
з прыватнай калекцыі Яўгена Малікава.

Падчас нацысцкай акупацыі вуліцы Катоўскага вярнулі дарэвалюцыйную назву — Іванаўская, якая на нямецкі лад гучала як Іаганэс-штрасэ. На адваротах змешчаны надпісы: «Gomel. Iohannesstrasse.
Winter 1943» і «lohannes-strasse» («Гомель. Іаганштрасэ.
Зіма 1943», «Іаганэс-штрасэ»). 1943 г.
З прыватнай калекцыі Яўгена Малікава.
У афіцыйным акупацыйным справаводстве сустракаецца ўжыванне акрамя новых назваў яшчэ і старых (савецкіх і дарэвалюцыйных). Паказальнымі можна лічыць справаздачы ўпаўнаважанага аператыўнага штаба Розэнберга доктара Ханса Мюлера, які быў камандзіраваны ў Гомель летам 1942 г.. У яго дакументах фіксуюцца “1. Revoljuzionnaja = Mauer str.” (1-я Рэвалюцыйная = Сцянная вуліца), “Bahnhof str.” (Вакзальная вуліца), “Schloss str.” (Замкавая вул.), “Sieges str. — ursprünlich Rumjanzew str., dann Sowjetskaja” (Перамогі вуліца — першапачаткова Румянцаўская вуліца, потым Савецкая)”, “Helenen str.” (вуліца Хелены). Такім чынам, відавочна, што ў пераходны перыяд нават прадстаўнікамі акупацыйнай адміністрацыі адначасова выкарыстоўваліся і старыя, і новыя назвы вуліц. Цікавым фактам з’яўляецца ўзгадка Х.Мюлерам “Pervomajskaja = Mai str.” (Першамайская = Майская вул.), якая на нямецкіх планах пазначана як “Park–strasse“ (Паркавая вул.). Відаць, камандзіраваны ў Гомель чыноўнік яшчэ не ведаў усіх падрабязнасцяў новай тапаніміі, якая, згодна з подпісам у схематычным плане з Бундэсархіва ў Фрайбургу, у красавіку 1942 г. ужо была ўведзена ў афіцыйны ўжытак.
Шэраг фактаў паказвае, што, нягледзячы на грунтоўна распрацаваную новую тапаніміку, нават летам 1943 г. нямецкія назвы яшчэ не паспелі глыбока ўкараніцца ў мясцовы побыт і насельніцтва горада працягвала шырока карыстацца старымі, хоць і вызваленымі ад відавочнай савецкай ідэалогіі. Так, гомельская калабаранцкая штотыднёвая газета “Новый путь” у нумары за 26 чэрвеня 1943 г. у спісе адрасоў у прыватных абвестках паведамляла: “ул. Спартака №1“, “Тупик Немецкой улицы, Либавский городок, барак №16“. У артыкуле пра святкаванне 22 чэрвеня і прысвечаны гэтай даце парад з адпаведным прапагандысцкім пафасам адзначалася, што “Эту историческую дату гомельчане отзнаменовали торжественным молебном на соборной площади” (пры той умове, што былая Саборная плошча на нямецкіх картах фігуруе пад назвай “Sieges–platz” — плошча Перамогі).
Фрагментарныя згадкі аб назвах гомельскіх вуліц часоў акупацыі сустракаюцца і ў мемуарнай літаратуры. Салдат рускага паходжання Антон Ярамчук-другі, які ваяваў у складзе італьянскай арміі на Усходнім фронце, узгадваў у сваіх успамінах у якасці галоўнай гомельскай вуліцы Фельдмаршалскую. Аб распаўсюджаным выкарыстанні старых найменняў сведчыць яго запіс аб пераездзе з аднаго дома ў другі: “Перешли с Будённовской на Минскую улицу, дом 31“, узгадка каля чарговага месца пражывання вуліцы Жаркоўскага.
Найбольш падрабязна пералічаны гомельскія тапонімы часоў акупацыі ў пратаколе допыту нямецкага ваеннапалоннага Генрыха Гупэ, складзенага ў пачатку 1944 г. старшым следчым Беларускага фронту капітанам Грышаевым. Дзякуючы магчымасці супастаўлення назваў з розных крыніц пратаколы допытаў па-новаму, больш дэтальна, раскрываюць факты злачынстваў немцаў у горадзе. Г.Гупэ ўзгадаў 21 вуліцу (Азёрная, Пясочная, Льва Талстога, Паляўнічая, Рабочая, Казарменная, Нямецкая, Быхаўская, Перамогі, Міхайлаўская, Лінейная, Георгіеўская, Рэчыцкая, Іахана, Генрыха, Кавальская, Лясная, Вакзальная, Шарлоты, Пяхотная, Пажарная). Акрамя таго сустракаюцца назвы Цэнтральны вакзал і Галоўны вакзал. Назва вуліцы Рабочая не фігуруе на планах часоў акупацыі, але з кантэксту вынікае, што пад ёй мелася на ўвазе ўзгаданая вуліца Паляўнічая (“Jäger-strasse“, у 1941 г. — вуліца Рабочая). Таксама варта адзначыць, што ў допыце палонны немец называе Вакзальную плошчу — тапонім, які адсутнічае ў планах горада 1942 г. Не выклікае сумнення, што гаворка ідзе аб сённяшняй Прывакзальнай плошчы (да вайны — плошча Карла Маркса).
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.
Аналіз планаў 1942 г. дазволіў абвергнуць адзін гомельскі краязнаўчы міф, паводле якога вуліца Савецкая пад час акупацыі нібыта называлася Гітлерштрасэ. Найбольш верагодна, што гэты міф стварыў былы гамяльчанін, палярны лётчык і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза Канстанцін Фаміч Міхаленка, у сваёй дакументальна-біяграфічнай аповесці “Служу небу” (Мінск, 1973). У лістападзе 1943 г., праз некалькі дзён пасля вызвалення Гомеля, К.Міхаленка атрымаў аднадзённы адпачынак для наведвання роднага горада. Апісваючы ўражанне ад уваходу ў толькі што вызвалены Гомель ён эмацыйна падае такі эпізод: “Мы ступаем по сорванной со стены ненавистной надписи готикой “Гебитскомиссариат”, по валяющейся в дорожной пыли ядовито-желтой табличке с названием улицы — “Гитлерштрассе”. Черта с два, окончилась “штрассе” — мы идем по Советской!”.
Аднак, паводле выяўленых планаў, у Гомелі вуліцы з такой назвай не было, а вуліца Савецкая, як ужо адзначалася, была пераназваная ў Sieges-strasse — вуліца Перамогі. Мяркуючы па ўсім, пэўная сугучнасць назвы Зігэс-штрасэ і Гітлер-штрасэ, накладзеная на прызму часу, пры поўнай адсутнасці інфармацыі і фрагментарнасці ўспамінаў, а таксама распаўсюджаныя ідэалагічныя стэрэатыпы спарадзілі ў аўтара такую назву.
Ваенныя падзеі негатыўна адбіліся на гарадской планіроўцы Гомеля. Знішчэнне цэлых кварталаў у час авіяналётаў прывяло да знікнення не толькі вялізных фрагментаў гарадской забудовы, але і некаторых вуліц (Мінскай, Каляева, шматлікіх завулкаў). Пацярпела і гарадская тапаніміка: асобныя назвы, якія з’явіліся непасрэдна напярэдадні вайны і не паспелі ўкараніцца, былі цалкам забытыя (вуліцы Лясная, Чырвонасцяжная), некаторыя назвы праз дзясяткі гадоў аднавіліся ў абсалютна іншых частках горада (вуліцы Партовая, Бранская, Чэхава, Дастаеўскага і інш.).
У час акупацыі новая нямецкая тапаніміка была адным з праваднікоў палітыкі нацысцкай Германіі адносна захопленых тэрыторый. У першую чаргу яна сталася ідэалагічнай супрацьвагай савецкім назвам. У стварэнні новай тапанімікі актыўную ролю адыгрывала мясцовая калабаранцкая адміністрацыя, вынікам дзейнасці якой, безумоўна, акрамя тэхнічных пытанняў (аднаўленне старых назваў, пераклад і г. д.) было захаванне і ўключэнне ў гарадское асяроддзе назваў, звязаных з расійскімі культурнымі арыентырамі — назвамі гарадоў, прозвішчамі дзеячаў культуры і г. д. Такі падыход у рэальнасці не з’яўляўся цэнтральным рэчышчам германскай акупацыйнай палітыкі на Усходзе, а быў тактычнай дэманстратыўнай саступкай для заспакаення мясцовага насельніцтва, прыцягнення калабарантаў і, у рэшце рэшт, аблягчэння дасягнення сваіх канечных стратэгічных вынікаў, адпаведных плану “Ost”.
Адразу пасля вызвалення Гомеля тапаніміка перыяду акупацыі знікла цалкам і бясследна. Настолькі, што нават змагла прарасці міфамі і неразуменнем гістарычных крыніц. Аднак вывучэнне гэтай тапанімікі, якая бытавала ў горадзе каля двух гадоў, дазваляе нам зазірнуць у мясцовыя лакальныя асаблівасці розных куткоў старога Гомеля, якія ўражвалі людзей іншай культуры, запаміналіся ім і візуальна звязвалі з канкрэтнымі кропкамі. Гэтыя асаблівасці — тое, што называецца “сімвалы ідэнтычнасці месца” для горада першай паловы ХХ ст., важныя нам і ў ХХІ ст. для разумення культурнай сутнасці свайго горада.
Дадатак
Параўнальная табліца перайменавання вуліц Гомеля ў перыяд нацысцкай акупацыі
Назва вуліцы (аб’екта) на планах часоў акупацыі 1941—1943 гг.(па-нямецку і ў перакладзе на беларускую мову) | Назва вуліцы да 1917 г. | Назва вуліцы ў 1941 г. | Сучасная назва вуліцы альбо яе стан і арыентыры ў 2020 г. | ||
Цэнтральная частка горада | |||||
1 | Ahorn-strasse, Кляновая | Балотная | Чыгуначная | Не захавалася, знаходзілася ў квартале паміж сучаснымі вул. Рагачоўскай—Веткаўскай— Перамогі | |
2 | Annen-strasse, Ганны | Сартавальны завулак/тупік | Сартавальны завулак | ||
3 | Apotheker-strasse, Аптэчная | Аптэчная | Жаркоўскага | Жаркоўскага | |
4 | Artillerie-strasse, Артылерыйская | Артылерыйская | Артылерыйская | Артылерыйская | |
5 | Bäcker-strasse, Пякарная | Нова-Мікалаеўская | 2-я Чырвоная | Чырвоная | |
6 | Bahnhof-platz, Вакзальная плошча | плошча Карла Маркса | Прывакзальная плошча | ||
7 | Bahnhof-strasse, Вакзальная | Замкавая | Камсамольская | праспект Леніна | |
8 | Bären-strasse, Мядзведзеўская | Гусеўская | Гусеўская | Не захавалася, знаходзілася ў квартале паміж сучаснымі вуліцамі Рагачоўскай — Веткаўскай — Перамогі | |
9 | Belizaer-strasse, Беліцкая | Беліцкая | Беліцкая | Караленка | |
10 | Berg-strasse, Горная | Валадарскага завулак | Не захавалася, знаходзілася паміж вул. Тэльмана — Чэхава — Хатаевіча | ||
11 | Brücken-strasse, Маставая | Свячная | Фрунзэ | Фрунзэ | |
12 | Bryansker-strasse, Бранская | Прудкоўскі завулак | Нова-Прудкоўская | Ландышава | |
13 | Charlotten-strasse, Шарлоты | Генеральская | Чырвонаармейская | Чырвонаармейская | |
14 | Damm-strasse, Дамбавая | Рагачоўская | Тэльмана | Тэльмана | |
15 | Donsker-strasse, Данская | Прудкоўская/Прудкоўскі тупік | Новапрудкоўскі завулак | ||
16 | Eugen-strasse, Яўгена | Рэчыцкая | Рэчыцкая | Рэчыцкая | |
17 | Feldmarschall-strasse, Фельдмаршальская | Фельдмаршалская | Пралетарская | Пралетарская | |
18 | Feld-strasse, Палявая | Палявая | Палявая | Маісеенка | |
19 | Flugplatz, Аэрадром | Аэрадром | Тэрыторыя, абмежаваная вул. Савецкая — Малайчука — Юбілейная — Кожара | ||
20 | Forst-strasse, Баравая (Лясная) | Бульварная | Парыжскай Камуны | Парыжскай Камуны | |
21 | Friedhof-strasse, Могілкавая | 2-гі Савецкі завулак | Не захавалася, ішла ўздоўж Алеі герояў, паміж вул. Кірава і вул. Савецкай | ||
22 | Garten-strasse, Садовая | Садовая | Садовая | Садовая | |
23 | Gefängnis, Турма | Турма | Турма | Турма | |
24 | Gendarmen-strasse, Жандармская | Жандармская | Карла Маркса | Карла Маркса | |
25 | Goethe-strasse, Гётэ | Гімназічная | Лібкнехта | Камсамольская (фрагмент паміж пачаткам вул. Карповіча і Чырвонаармейскай) | |
26 | Güter-strasse, Ірузавая (Таварная) | Мікалаеўская | 1-я Чырвоная/ Лясная | Дакутовіч | |
27 | Hafen-strasse, Партовая | Саборны спуск | Кіеўскі спуск | Кіеўскі спуск | |
28 | Handel-strasse, Гандлёвая | 3-я Рэвалюцыйная | Універсітэцкая | ||
29 | Handwerken-strasse, Рамесніцкая | Турэмная | Рамесніцкая/
Тэльмана завулак |
Кніжная | |
30 | Helenen-strasse, Хелены | Мясніцкая і Барона Нолькена | Ланге і Камунараў | Ланге і Камунараў | |
31 | Hospital-strasse, Шпітальная | Шпітальная | Шпітальная | Шпітальная | |
32 | Infanterie-strasse, Пяхотная | Нова-Палеская | Нова-Палеская | Новапалеская | |
33 | Jahn-strasse, Яна | Гоначная | Партовая | Партовая | |
34 | Karelische-strasse, Карэлія | Азія | Карэлія | Крылова | |
35 | Kaukasische-strasse, Каўказская | вуліца да сада Лаўянава | 2-я Рэвалюцыйная | 2-я Рэвалюцыйная | |
36 | Kiefern-strasse, Сасновая | Сады Лаўянава | Валадарскага | Чэхава | |
37 | Kleine Wind-strasse, Малая Ветраная | Ляшчынская (фрагмент паміж вул. Катуніна і Мохавым пераездам) | Нова-Ветраная | Частка вул. Гагарына, паміж вул. Рэчыцкай і Мохавым пераездам | |
38 | Linden-strasse, Ліпавая | Крушэўская | Арцёма | Арцёма | |
39 | Maler-strasse, Мастакоўская | Не існуе, знаходзілася паміж сучаснымі вуліцамі Кірава — Новапалеская — Дакутовіч | |||
40 | Margareten-strasse, Маргарыты | Палеская | Палеская | Палеская | |
41 | Marien-strasse, Марыэн | Ветраная | Чырвонаармейская | Фрагмент Чырвонаармейскай, паміж Кісялёва і Карповіча | |
42 | Mauer-strasse, Сцянная | 1-я Рэвалюцыйная | 1-я Рэвалюцыйная | ||
43 | Minsker-strasse, Мінская | Мінская | Мінская | Не існуе, знаходзілася паміж вул. Кісялёва і Перамогі, паралельна Чырвонаармейскай | |
44 | Mittel-strasse, Сярэдняя | Лугавая | Песіна | Песіна | |
45 | Mogilew/Mogilewer-strasse, Магілёўская | Магілёўская | Кааператыўная | Кірава | |
46 | Mühlen-strasse, Млынавая | Багадзельная | Калантай | Сожская | |
47 | Neue-T ischler-strasse, Новасталярная | Новасталярная | Новасталярная | Педчанка | |
48 | Neu-strasse, Новая | Сянная | Сянная | Сянная | |
49 | Park-strasse, Паркавая | Ірынінская | Першамайская | Ірынінская | |
50 | Personnen-Bahnhof/ Hauptbahnhof, Пасажырскі/ Галоўны вакзал | Лібаўскі | Станцыя ГомельПасажырскі | Станцыя Гомель-Пасажырскі | |
51 | Petersburger-strasse, Пецярбургская | Спаская | Пляханава | Пляханава | |
52 | Pionier-strasse, Піянерская | Піянерская | Хатаевіча | ||
53 | Post-strasse, Паштовая | Паштовая | Паштовая | Перамогі праспект | |
54 | Puschkin-strasse, Пушкіна | Ліпавая | Пушкіна | Пушкіна | |
55 | Rogatschewer-strasse, Рагачоўская | Рагачоўская | Рагачоўская | Рагачоўская | |
56 | Reitbahn, Манеж | Іпадром | Конна-спартыўная школа | ||
57 | Rosen-strasse, Розы | Троіцкая | Сялянская | Сялянская | |
58 | Ruinen-strasse, Руінная | Новікаўская | Карповіча | Карповіча | |
59 | Scheunen-strasse, Гуменная | Гуменная | Гуменная | Катуніна (фрагмент паміж вул. Сялянскай і Інтэрнацыянальнай) | |
60 | Schiller-strasse, Шылера | Аляксандраўская | Леніна | Камсамольская (фрагмент паміж вул. Савецкай і пачаткам Карповіча) | |
61 | Schloss-Park, Замкавы парк | Парк Паскевічаў | Гарадскі парк культуры і адпачынку імя Луначарскага | Палацава-паркавы ансамбль Румянцавых і Паскевічаў | |
62 | Schloss-strasse, Замкавая | Князя Паскевіча | Камісарава | Камісарава | |
63 | Schmiede Platz, Кавальская плошча | Малочны рынак/ Базарная плошча | Працы плошча | Працы плошча | |
64 | Schmiede-strasse, Кавальская | Кавальская | Інтэрнацыянальная | Інтэрнацыянальная | |
65 | Schul-strasse, Школьная | Валатаўская | Валатаўская | Валатаўская | |
66 | Sieges Platz, Перамогі плошча | Базарная/Саборная плошча | Савецкая/Леніна плошча | Леніна плошча | |
67 | Sieges-strasse, Перамогі | Румянцаўская | Савецкая | Савецкая | |
68 | Siemens-strasse, Сіменс | Таварная | Лібаўская | Шаўчэнкі | |
69 | Signal-strasse, Сігнальная | Вакзальная | Вакзальная | Вакзальная | |
70 | Smolensker-strasse, Смаленская | Сартавальная | Сартавальная | Цялегіна | |
71 | Sport-Platz, Спартыўная плошча | Трэк вольна-пажарнага таварыства | Стадыён”Дынама” | Цэнтральны стадыён | |
72 | Technische-strasse, Тэхнічная | Тэхнічная | Тэхнічная | Катуніна (фрагмент паміж чыгункай і вул. Сялянскай) | |
73 | Tischler-strasse, Сталярная | Сталярная | Сталярная | Сталярная | |
74 | Turm-strasse, Вежавая | Базарная і Мільённая | Працоўная і Білецкага | Працоўная і Білецкага | |
75 | Weisse Kaserne, Белыя казармы | “Белыя” казармы 160 абхазскага палка | Казармы кавалерыйскай дывізіі | Корпус абутковай фабрыкі “Праца” | |
76 | Wind-strasse, Ветраная | Ветраная | Ветраная | Фрагменты вул. Гагарына і Новаветранай | |
77 | Wjasmaer-strasse, Вяземская | Прудкоўская | Стара-Прудкоўская | Галавацкага | |
78 | Zentral-Bahnhof, Цэнтральны вакзал | Сартавальная станцыя ЛібаваРоменскай чыгункі | Станцыя Гомельсартавальны | Не захаваўся. Знаходзіўся на месцы дома № 33 па вул. Новачарнігаўскай | |
79 | Ziegelei, Цагельня | Клінкерны завод | Тэрыторыя паміж вул. Савецкая — Шылава — Чангарскай дывізіі | ||
80 | Ziegel-strasse, Цагляная | Безыменная | Сазонава | Сазонава | |
81 | […] | Шылава | |||
82 | […] | Чарнігаўская | Старачарнігаўская | Старачарнігаўская | |
83 | […] | Сартавальная | Новачарнігаўская | Новачарнігаўская | |
Залінія | |||||
84 | Alexander-strasse, Аляксандра | Аляксееўская | Бочкіна | Бочкіна | |
85 | Andreas-strasse, Андрэя | Сямёнаўская | Складская | Заслонава | |
86 | Batterie-strasse, Батарэйная | Батарэйная | Батарэйная | Хмяльніцкага | |
87 | Bychower-strasse, Быхаўская | Быхаўская | Быхаўская | Быхаўская | |
88 | Deutsche-strasse, Нямецкая | Нямецкая | Нямецкая | Куйбышава | |
89 | Dostojewski-strasse, Дастаеўскага | Заходняя | 1-я Сустрэчная | ||
90 | Elektrische-strasse, Электрычная | Электрычная | Электрычная | Хімакова | |
91 | Elisabeth-strasse, Элізабэт | Елізавецінская | Молакава | Чайкоўскага | |
92 | Erlen-strasse, Альховая | 3-я Папярочная | 3-я Папярочная (захавалася часткова) | ||
93 | Feuerwehr-gasse, Пажарны завулак | Пажарны завулак | Пажарны завулак | ||
94 | Feuerwehr-strasse, Пажарная | Пажарная | 30 год БССР | ||
95 | Fischer-strasse, Рыбацкая | 1-я Папярочная | Марата Казея | ||
96 | Fluss-strasse, Рачная | Манастырская | 2-я Завадская | 2-я Завадская | |
97 | Fridrich-strasse, Фрыдрыхаўская | Арлоўская | Вароўскага | Вароўскага | |
98 | Georg-strasse, Георгіеўская/ Георга | Герасімаўская | Астроўскага | Астроўскага (фрагмент паміж чыгункай і вул. Радасці) | |
99 | Glinka-strasse, Глінкі | Сацыялізму | Сацыялізму | ||
100 | Gogol-strasse, Гогаля | Спартыўная | Спартыўная | ||
101 | Gomeler-strasse, Гомельская | Гомельская | Гомельская | Гомельская | |
102 | Grenz-strasse, Памежная | Мінская | |||
103 | Grün-strasse, Зялёная | Электрычная | Свабоды | Свабоды | |
104 | Heinrich-strasse, Генрыха | Варанцоўская | Громава | Тургенева | |
105 | Herman-strasse, Германа | Федасееўская | Сталіна | Цыялкоўскага | |
106 | Jäger-strasse, Паляўнічая | Дамброўскага | Рабочая | Якубава | |
107 | Jaroslawer-strasse, Яраслаўская | Яраслаўская | Яраслаўская | Яраслаўская | |
108 | Johannes-strasse, Іаханэса | Іванаўская | Катоўскага | Катоўскага | |
109 | Kahn-strasse, Чаўнаковая | 2-я Папярочная | 2-я Папярочная | ||
110 | Karl-strasse, Карла | Графская | Крапоткіна/Чырвонасцяжная | Крапоткіна | |
111 | Kasernen-strasse, Казарменная | Стасенкоўская | Будзённага | Барыкіна | |
112 | Kiewer-strasse, Кіеўская | Кіеўская | Кіеўская | Кіеўская | |
113 | Kirch-strasse, Царкоўная | Балашоўская | Калініна | Калініна (паміж Палескай і чыгункай) | |
114 | Kleine-gasse, Малы завулак | Без назвы, невялікі завулак паміж вул. Маскоўскай і Аўэрбаха | |||
115 | Kloster-strasse, Манастырская | Грыўкі | Далёкая | Далёкая | |
116 | Krim-strasse, Крымская | Скобелеўскі завулак | Шміта | Шміта | |
117 | Kurze-strasse, Кароткая | Мікольская | Беднага | Мікольская | |
118 | Lange-strasse, Доўгая | 1-я Прадольная | Джураева | ||
119 | Lerchen-strasse, Жаўруковая | Іллінская | Сляпнёва | Сляпнёва | |
120 | Lermontow-strasse, Лермантава | 2-я Сустрэчная | |||
121 | Linien-strasse, Лінейная | Андрэеўская | Вадап’янава | Украінская | |
122 | Markt-platz, Базарная плошча | Базарная плошча | Сквер паміж вул. Спартыўная — Хмяльніцкага — Ляшчынская — Астроўскага | ||
123 | Markt-strasse, Базарная | Пятроўская | Бакуніна | Бакуніна | |
124 | Methodius-strasse, Мяфодзеўская | Мяфодзеўская | Някрасава | Шамяюна | |
125 | Michael-strasse, Міхаіла | Міхайлаўская | Астроўскага | Астроўскага завулак | |
126 | Miltschaer-strasse, Мільчанская | Мільчанская | 1-я Мільчанская | ||
127 | Moskauer-strasse, Маскоўская | Маскоўская | Маскоўская | Маскоўская | |
128 | Odessaer-strasse, Адэская | Адэская | Адэская | Ракасоўскага | |
129 | Paul-strasse, Паўла | Паўлаўская | Варашылава | Ватуціна | |
130 | Peter-strasse, Пятра | Петрапаўлаўская | Пятроўскага | Пятроўскага | |
131 | Polessen-strasse, Палеская | Палеская | Палеская | Палеская (паміж чыгункай і пераездам) | |
132 | Retschizaer-strasse, Рэчыцкая | Ляшчынская | Ляшчынская | Ляшчынская | |
133 | Sand-strasse, Пясочная | Пескаватая | Пескаватая | Беларуская | |
134 | Schilf-strasse, Камышовая | Радзькінская | Чкалава | Чкалава | |
135 | Schräge-strasse, Касая | Касы завулак | Палескі завулак | Палескі завулак | |
136 | See-strasse, Азёрная | Любенская | Любенская | Любенская | |
137 | Siedlungs-strasse, Пасялковая | Манастырская | 1-я Завадская | 1-я Завадская (ад вул. Талстога да павароту) | |
138 | Skolelew-strasse, Сколелеўская (верагодна, Скобелеўская) | Скобелеўская | Аўэрбаха | Аўэрбаха | |
139 | Stadion, Стадыён | Стадыён “Лакаматыў” | Стадыён “Лакаматыў” | ||
140 | Stein-strasse, Каменная | Падгорны завулак | Энгельса завулак | Энгельса завулак | |
141 | Sumpf-strasse, Балотная | Балотная | Балотная | Рачная (захавалася часткова) | |
142 | Teich-strasse, Сажалкавая | Пясочная | Энгельса | Энгельса | |
143 | Tolstoi-strasse, Талстога | Новакавальская | Льва Талстога | Талстога | |
144 | Tschajkowski-strasse, Чайкоўскага | Радасці | Радасці | ||
145 | Tschechow-strasse, Чэхава | Мільчанскі завулак | |||
146 | Uferweg, Берагавы шлях | Манастырская | 1-я Завадская | 1-я Завадская (ад павароту і на поўдзень) | |
147 | Ukrainische-strasse, Украінская | Кацярынаслаўская | Днепрапятроўская | Гомельская | |
148 | Viktor-strasse, Віктараўская | Захар’еўская | Дзяржынскага | Дзяржынскага | |
149 | Waldemar-strasse Вальдэмара | Уладзімірская | Горкага | Горкага | |
150 | Waldlager, Лясны лагер | Вайсковая частка ўЛешчанцы | Вайсковая частка № 5525 | ||
151 | Weidenweg, Выганны шлях | 1-я Папярочная | |||
152 | West-Bahnhof, Заходні вакзал | Палескі вакзал | Станцыя ГомельПалескі | Не захаваўся, знаходзіўся каля сучаснага лакаматыўнага дэпо | |
153 | West-kaserne, Заходнія казармы | Ваенны гарадок на вуліцы Будзённага | Тэрыторыя ў квартале паміж вул. Барыкіна
і Астроўскага, на захад ад вул. Хмяльніцкага |
||
154 | West-strasse, Заходняя | Мяшчанская | Леванеўскага | Леванеўскага | |
155 | Wilhelm-strasse, Вільгельма | Балашоўская | Калініна | Калініна (фрагмент да вул. Палескай) | |
Сяльмаш | |||||
156 | 1.quer-strasse, Першая папярочная | Калектыўная | Незахаваная вуліца паміж Царыкава і Інтэнданцкай | ||
157 | 2.quer-strasse, Другая папярочная | Тэлеграфная | Незахаваная вуліца паміж Царыкава і Інтэнданцкай | ||
158 | 3.quer-strasse, Трэцяя папярочная | Сігнальная | Незахаваная вуліца паміж Царыкава і Інтэнданцкай | ||
159 | 4.quer-strasse, Чацвёртая папярочная | Цягавая | Незахаваная вуліца паміж Царыкава і Інтэнданцкай | ||
160 | 5.quer-strasse, Пятая папярочная | Смольная | Смольная | ||
161 | 6.quer-strasse, Шостая папярочная | Кастрычніцкая | Салаўіная | ||
162 | 7.quer-strasse, Сёмая папярочная | Пуцявая | Пуцявая | ||
163 | 8.quer-strasse, Восьмая папярочная | Уллянаўская | Уллянаўская | ||
164 | 9.quer-strasse, Дзявятая папярочная | Прафсаюзная | Прафсаюзная | ||
165 | Aussen-strasse, Знешняя | Рошчынская | Рошчынская (паміж праспектам Касманаўтаў і паваротам вул. 50 год з-ду Гомсельмаш) і вул. 50 год з-ду Гомсельмаш (паміж паваротам і вул. Царыкава) | ||
166 | Brunnen-strasse, Калодзежная | Лінейная | Незахаваная вуліца паміж вул. 50 год Гомсельмашу і Царыкава, паралельная ім | ||
167 | Eisenbahn-strasse, Чыгуначная | Шашэйная | Інтэнданцкая | ||
168 | Fabrik-strasse, Фабрычная | Ціценская | Касманаўтаў праспект, а таксама фрагмент Шашэйнай вуліцы, паміж праспектам Касманаўтаў і чыгункай (уздоўж фасада завода Гомсельмаш) | ||
169 | Helge-strasse, Вольгі | Іншагародняя | Незахаваная вуліца паміж вул. 50 год Гомсельмашу і Царыкава, паралельная ім | ||
170 | Lager-strasse, Лагерная | Дзяржынскага | Якуба Коласа | ||
171 | Landwirschaftische
Maschinenfabrik, Фабрыка сельскагаспадарчых машын |
Завод сельскагаспадарчых машын | Завод Гомсельмаш | ||
172 | Nord-strasse, Паўночная | Шашэйная | Шашэйная паміж развілкай чыгунак, ад палескага моста да завода Гомсельмаш | ||
173 | Sonnen-strasse, Сонечная | Паўночная | 50 год з-да Гомсельмаш (паміж праспектам Касманаўтаў і паваротам у бок Царыкава) | ||
174 | Zwischenweg, Прамежкавы (Прахадны) шлях | Рошчынскі завулак | Незахаваная дыяганальная вуліца ад скрыжавання вул. Салаўіная — Царыкава да Касманаўтаў (паміж сучаснымі дамамі
24—26 праспекта Касманаўтаў) |
||
Новабеліца | |||||
175 | 1.quer-strasse, Першая папярочная | Першая папярочная | Фрунзэ | Частка — Севастопальскі тупік, усходняя частка не захавалася, пад мясакамбінатам | |
176 | 2.quer-strasse, Другая папярочная | Другая папярочная | Рэвалюцыйная | Рэспубліканская | |
177 | 3.quer-strasse, Трэцяя папярочная | Трэцяя папярочная | 11 ліпеня | 11 ліпеня | |
178 | 4.quer-strasse, Чацвёртая папярочная | Чацвёртая папярочная | Інтэрнацыянальная | Міжнародная | |
179 | 5.quer-strasse, Пятая папярочная | Пятая папярочная | Чырвонаармейская/ Вакзальная | Рэпіна і Станцыённая | |
180 | 6.quer-strasse, Шостая папярочная | Шостая папярочная | Савецкая | Герцана | |
181 | 7.quer-strasse, Сёмая папярочная | Сёмая папярочная | Дзяржынскага | Мечнікава | |
182 | 8.quer-strasse, Восьмая папярочная | Восьмая папярочная | Восьмая папярочная | Не захавалася, знаходзілася паміж вул. Мечнікава
і Склязнёва, параллельная ім |
|
183 | 9.quer-strasse, Дзявятая папярочная | Дзявятая папярочная | Сталіна | Склязнёва | |
184 | 10.quer-strasse, Дзясятая папярочная | Дзясятая папярочная | Першамайская | Разіна | |
185 | 11.quer-strasse,
Адзінаццатая папярочная |
Белавусаўская | Кастрычніцкая | Ленінградская | |
186 | Acker-strasse, Ворыўная (Раллёвая) | Частка вуліцы Рэспубліканскай, ад вул. Міжнароднай да павароту | |||
187 | Bahnhof Nowo-Beliza, Станцыя Нова-Беліца | Станцыя НоваБеліца | Станцыя НоваБеліца | Станцыя Навабеліцкая | |
188 | Bauer-strasse, Сялянская | Сялянская | Не захавалася, на тэрыторыі тлушчакамбіната, паміж вул. Ільіча і чыгункай | ||
189 | Chemische-strasse, Хімічная | Слабодка | Вароўскага | Дастаеўскага | |
190 | Fabrik-strasse, Фабрычная | Старая | Пралетарская | Севастопальская | |
191 | Garten-strasse, Садовая | 1-ы Пралетарскі завулак | 1-ы Севастопальскі завулак | ||
192 | Neue-strasse, Новая | Новая | Войкава | Войкава | |
193 | Schlachthof, Скатабойня | Гарадскія скатабойні | Мясакамбінат | Гомельскі мясакамбінат | |
194 | Sophien-strasse, Сафіі | Пакроўская | Карла Маркса | Дзімітрава | |
195 | Speicher-strasse, Памятная (Памяці) | Пралетарская | Севастопальская, фрагмент паміж вул. Галавачова і чыгункай | ||
196 | Stadion, Стадыён | Стадыён
“Чырвоная зорка” |
Трэніровачная база футбольнага клуба “Гомель” | ||
197 | Sumpf-strasse, Балотная | Балотная | Карповіча | Дзекабрыстаў | |
198 | Tatjana-strasse, Таццяны | Каранёўская | Урыцкага | Урыцкага | |
199 | Tschernigower-strasse, Чарнігаўская | Шашэйная | Леніна | Ілліча | |
200 | Wald-strasse, Лясная | Чыгуначная | Дарожная | ||
201 | Wiesen-strasse, Лугавая | За чыгункай | Свярдлова | Свярдлова | |
Аўтары: Яўген Малікаў, Юрый Панкоў
Крыніца: nashkraj.info “Беларускі гістарычны часопіс” № 7/2020. С. 28-40.